Споведзь старога партызына ў партовым кафэ Рыекі

 

— Хадзі сюды.
Ты, бачу, не замежны
I не радня раскормленым тузам...
Ты — беларус?
Мяне ты зразумееш:
Калі не сам,
дык бацька партызан.
Паслухай, хлопча.
Бачыш, без рукі я
I твар мой непрыгожы — абсмылеў...
Налі, налі сабе яшчэ ракіі.
А я ад успамінаў захмялеў.
Я не хвалюся.
Я трымаўся стойка.
Я загадаў замоўкнуць языку.
З заціснутай у кулаку лістоўкай
Яны тады адсеклі мне руку.
Я ўсё стрываў у фашыстоўскім пекле,
Ледзь не аслеп ад свастык іх пятліц.
Калі яны ад партызан пабеглі,
Жывымі нас задумалі спаліць...
Я разумею:
свет цяпер інакшы,
Ці варта зноў былое варушыць?..
А што, калі і сёння каты нашы
Жывуць і нажываюць барышы
I едуць на ўзбярэжжа пакупацца,
Вязуць сынкоў і свой нахабны смех?..
О божа мой,
мне сніцца акупацыя,
Блакада
і сабак ахрыплы брэх.
Ты чуеш,
як крычаць на пірсе чайкі?
А мне здаецца ў цемрадзі начной,
Што гэта ў гушчары лясным аўчаркі
Задыхана скуголяць за спіной...
Я ўсё яшчэ ў тым часе непатушаным,
Дзе кроў за кроў была,
а смерць — за смерць...
Чаго маўчыш задумліва,
братушка?
Няўжо і ты не можаш зразумець?..