Час хаду у новы дзень прыспешвае,
Успаміны горкія драбніць...
А ўсё роўна
помнім сорак першы,
Як і сорак пяты, —
да драбніц.
Не закрыць
ні радасцю,
ні бытам
Тых,
што ўпалі ніцма на лаўжы.
Колькі іх,
забітых і забытых,
Пад нагамі нашымі ляжыць!
I з зямлі знявечанай
рыўкамі
Лезуць —
дзе рамонак,
дзе быльнёг.
То яны
знямоглымі рукамі
Цягнуцца наверх,
да нашых ног.
То яны
насустрач сонцу рвуцца
З чорнага прадоння небыцця.
I калыша вецер Рэвалюцыі
Аганькі кароткага жыцця...
I што значаць нашы ўсе напасці,
Калі можна ў цішы палявой
На калені перад імі ўпасці
I да іх прыпасці галавой...