Да вас бяжыць знаёмая дарога,
Да вас вязу няпэўны свой настрой.
А вы адкуль з такою дабрынёй
I да мяне, і да майго малога?
Лаўлю ласкавы поціск вашых рук,
Што загрубелі ад работы трошкі.
А ці вядома пачуццё разлук
Вам, неразлучным аж да самай дошкі?
Адкуль у вас пагэтулькі святла?..
Ды схамянуся, тут не трэба словы.
Ў маім сяле яшчэ на паўсяла
Жывуць з вайной заручаныя ўдовы.
I па начах яшчэ ім страшна спаць,
Гартаць жыцця пражытага старонкі.
I незваротным промнем зіхацяць
На пальцах скамянелыя пярсцёнкі.