Безыменныя вышыні

 

Колькі вас,
вышынь безыменных!
Колькі на вашых вяршынях
паўшых!..
Многія сёння пазаараны
У чыстым полі
і ў памяці нашай.

Шмат вас мы сёння не знаем,
не помнім
Горкія подзвігаў ратных
калыскі.
Вы стаіцё над шляхамі,
над пожнямі,
Як радавыя,
без абеліскаў...

Смерці вышыні,
славы вышыні,
Хіба вас памяць усе ўтрымае!..
Спіны вам
шорсткія травы прашылі,
Легла ў галовах
ціша нямая.

Толькі ж
жывуць побач з намі салдаты,
Тыя,
што знаюць імёны вашы.
Толькі ж
жывуць побач з намі салдаты,
Тыя, што помняць імёны паўшых.

Памяць сівая
ў пагнутай касцы
Часта ў сны ім знячэўку ўрываецца —
I яны прачынаюцца ноччу, шукаючы
Вашу траву
агрубелымі пальцамі.

Сынам яны дораць ракеткі і кеды,
Купляюць дочкам вясельныя плацці.
Ды зубы сціскаюць,
калі ракеты
З гулкім салютам у неба ўзвіваюцца.

Ляцяць ракеты, чырвоныя,
сінія,—
Як солі драбкі на нязгойныя раны...
I ўваскрасаеце вы
безымянныя,
Смерці вышыні,
славы вышыні...