Бязбацькавічы

 

Рыгору Барадуліну

Сорак пяты.
Незабыўны год сорак пяты...
Маёвыя песні
Пасля шэрых ваенных зім.
О, як мы ляцелі —
Толькі мільгалі пяты —
Насустрач салдатам вусатым,
Насустрач бацькам
жывым.

Мы нават і спаць не клаліся
Без бацькоўскай пілоткі,
Усе ў медалях блішчастых
Хадзілі ў сяброў ля акна.
Шчаслівыя,
Мы не бачылі,
Што плакалі
аднагодкі,
Якіх сурова назвала
Бязбацькавічамі
вайна.

Яны тады навучыліся
Хаваць мужчынскія слёзы,
Яны тады вучыліся
Матак сваіх берагчы.
Не па гадах маўклівыя,
Зацятыя
і сур'ёзныя,
Бацькоў —
У медалях, у ордэнах —
Снілі яны штоначы.

З пасівелымі маткамі поплеч
Працу любую рабілі,
Многія не паспелі
Закончыць дзесяты клас.
Сонца, сівер і слота
Твары ім агрубілі.
Здавалася, што і душы
Агрубіць нялёгкі час.

Яны служылі ў арміі,
Яны спраўлялі вяселлі.
Упарта
Бацькі несустрэтыя
Сніліся зноў і зноў.
Дарагія сябры-бязбацькавічы
Аблыселі і абвуселі.
I мы вучымся ў іх пяшчоце,
Калі няньчаць яны сыноў...