Шумела ў прысадах рабіны дарога,
Праводзіла Насця хлапца дарагога.
Яму, маладому,
Пралегла дарожка
Ад роднае вёскі
Ў чырвонае войска,
Ды білася радасна дзеўчыны сэрца —
Праз год па вясне абяцалі сустрэцца.
На месцы растанку на памяць аб мілым
Два клёны маленькіх яна пасадзіла.
Няхай жа з вяснянкай
Сустрэнуць каханка.
Чакала дзяўчына і лета і восень,
Да пояса выраслі чорныя косы,
Як зоры, іскрыліся вочы-азёры,
Мінулі мятлюгі, завеі над борам,
Гадала дзяўчына, што вернецца скора.
Не ведала Насця
Вялікай напасці.
Ударылі ворагі чэрвеньскім раннем —
Да клёнаў ніхто не прыйшоў на спатканне.
Загрукалі боты чужынцаў на ганку...
Пакінула Насця свой дом партызанкай.
Між елак кашлатых
Жыла з аўтаматам.
Нялёгка было ёй, ды часам украдкам
Глядзела, уздыхнуўшы, на любага картку.
I нават уночы
Сцішалі трывогу
Любімыя вочы
Байца маладога.
Сабе ж загадала, як клёны не звянуць,
Дык стрэнецца з ёю напэўне каханы.
Дарэмна ўзляталі дзявочыя мары,
Яшчэ год прамчаўся над лесам, як хмара.
Адведала клёны.
Ва ўборы зялёным
Шумяць на дарогу...
Няма ж дарагога...
I вецер хаўтурны над сёламі вее...
Ды толькі не траціла Насця надзеі,
Сваім аўтаматам
Касіла праклятых,
Каханаму шлях расчышчала дахаты.
I стала жаданне праўдзівым і дзейсным,
Хоць сталася гэта ў чацвёртую весну.
Да клёнаў забегла аднойчы з паходу
I бачыць,
што хіліцца голле да ўсходу,
Глядзіць,
углядаецца ўдаль партызанка —
Грымоты ўсё бліжай,
Ярчэюць маланкі...
I раптам прамчалі савецкія танкі.
А следам за імі са сцягам чырвоным
Пайшлі пехацінцы паходнай калонай —
Суровых,
запыленых,
Радасных многа...
Няма ж паміж імі байца маладога.
Завяла дзяўчына —
Напэўне, загінуў.
Прыпала самотная нізка да долу.
А клёны гамоняць вясёла-вясёла.
Пытаецца Насця ў зялёнага лісця:
— Ды дзе ж ён, скажыце? —
I раптам пабачыла,
выцершы слёзы,
Імчыцца насустрач ёй коннік прыгожы.
Ён воласам русы,
Бялявыя вусы.
Схапілася раптам здзіўлёная Насця
I ледзь не самлела з вялікага шчасця:
Праводзіла ў войска
Хлапца маладога,
Сустрэла маёра
Яна удалога.
Расціце ж вы, клёны, шуміце ж вы, клёны,
Пад лісцем зялёным сядзець улюбёным,
Бо сіла кахання не ведае смерці,
Час блізкі, ім скора навечна сустрэцца.