Ёсць дума дум сялян такая,
Дзе б толькі ні жылі яны,
Як зерняты ў зямлю кідаюць:
Каб толькі не было вайны.
Іду між плошчаў я і чую –
На ўзлёце светлае сцяны,
Ад тых, што новы дом будуюць:
Каб толькі не было вайны...
Я чую думы нашых матак, –
Як волаты ўзраслі сыны,
Іх выпраўляюць у салдаты:
Каб толькі не было вайны...
Людскі наказ чуваць над светам,
Прасторы дзіўныя відны,
Штораз вышэй лятуць ракеты:
Каб толькі не было вайны...
Я чую кліч: - Цярпець не будзем
Мы ні разбою, ні маны!
Ад нас саміх залежыць, людзі,
Каб болей не было вайны!