Пярэдні край будаўнічых
работ праходзіць каля бы-
лых фашысцкіх дотаў.
Пярэдні край...
Крык адзінокай сойкі.
Асколкі ў сэрцы кожнае сасны...
Тут ад крыві,
а не ад летняй спёкі
Чырвоны колер
у палян лясных.
I прывідны,
як даўні шлем тэўтонца,
Нязграбны,
як вялізны шэры крот,
Халоднымі байніцамі на сонца
Ашчэрыўся пракляты тройчы дот.
Пярэдні край...
Тут на любой сцяжынцы
Збярэш свінцу
і гільз дзесяткі тон.
Ды ад расплаты
не схаваў чужынца
Таўшчэзны адшліфованы бетон.
З карэннем экскаватар вырывае
Апошні след,
дзе быў фашыста бот.
Ідзе-гудзе азёрным мірным краем,
Як кажуць тут,
шырокі фронт работ.
Пярэдні край
Не моўкне ўдзень і ўночы.
Глядзі і слухай,
абымшэлы дот,
Як над Дзвіною
пераможна крочыць,
Як зноў грыміць
Наш беларускі фронт.