Памяці загінуўшых у час Вя-
лікай Айчыннай вайны Івана
Цубы, які паўтарыў подзвіг
Івана Сусаніна, і яго брата
Міхала.
Ёсць на Шышчыне рэчка Лань.
Там зімой ходзіць берагам здань.
Круцяць снег, гоняць снег вятры.
Праз завею ідзе стары.
Кажушок на прыгнутых плячах,
Боль пякельны ў патухлых вачах.
У халодным пажары завей
Ён далёкага брата заве:
«Дзе твой след? Дзе ты, родны, ляжыш?
Ці спакойна ты, братка, спіш?
Ці харошыя сняцца сны,
Ці чуваць табе шум лясны?
Я адпомсціў забойцам тваім,
Кінуў багну пад ногі ім.
Сам я ўпоперак шляху лёг,
Сам заблытаў ім сотні дарог,
Сам я зоркі ўгары згасіў,
Сем галодных ваўкоў запрасіў,
Партызан ад нападу збярог,
Не прадаў нашых родных дарог...
Дзе ж ты, брат? Што ж ты, братка, маўчыш?
Дзе твой след? Дзе твой крыж?»
Круцяць снег, гоняць снег вятры.
Праз завею ідзе стары...