Дваццаць год
яму ўжо болын не сніцца
Сіні бор
і сіняя Дзвіна.
Як ні кінь —
усюды заграніца.
Шлях дамоў адрэзала вайна.
О, пракляты тройчы
сорак першы,
«Юнкерсаў» цяжкі,
нахабны цень!..
Не збіраўся ні страляць,
ні вешаць,
А страляў —
хацеў ці не хацеў.
I цяпер —
як ні малі, ні вохкай —
Не даруюць здрады ні на міг
Трое хлапчукоў блакітнавокіх,
Трое тых заложнікаў малых...
За спіной —
усе трынаццаць пеклаў,
Дваццаць пяць дзяржаў,
мільён дарог,
А ад тых даўгіх халодных петляў
Ні схавацца, ні ўцячы не змог.
Вось яны гайдаюцца на клёнах,
На слупах,
у засені бяроз,
Самым страшным на зямлі праклёнам
Крэсляць зноў і зноў ягоны лёс.
I за ім,
як злосная ваўчыца,
Што згубіла недзе ваўчанят,
Будзе вечна следам валачыцца
Чорны жах
блакітных вачанят...