Вочы сінія-сінія...

 

Вочы сінія-сінія...
Косы тугія...
Хтось шчаслівы, як кажуць, дзяўчыну
хрысціў.
Трэба вытаптаць многа дарог,
каб другія
Вочы гэткія,
гэткія косы знайсці.

Пра такіх, пэўна,
казкі складалі ў народзе,
Надзяляючы сотнямі светлых імён...
А цяпер —
гарманісты чародамі ходзяць,
Носяць песні-прызнанні ўначы ля акон.

А яна —
маладая ў сваёй прыгажосці —
Ні прызнанняў, ні песень не хоча яна.
Аднаго прычакаць бы ёй толькі у госці,
Ды з зямлёю яго абвянчала вайна...

Не згуляе вяселля
той, хто гэтак абвенчан.
А яна ўсё чакае,
верыць казачным снам,
Адганяе сватоў, што прарочаць:
не вечна
Будзе доўгай каса, будзе яркай краса.

I даўно з хаты ў хату
і з вуха у вуха
Носяць бабы па вёсцы няўмольны прысуд:
Застанецца яна назаўжды векавухай,
Нізавошта састарыць, загубіць красу...

Я не знаю,
быць можа, і праўда, не трэба
Ёй, прыгожай такой, адзінокаю жыць.
Я ж яе разумею...
I вельмі хацеў бы
Вось такое каханне ў жыцці заслужыць.