Якога колеру вайна

 

– Якога колеру вайна? –
Мая дачка ў мяне спытала.
І я падумаў,
што яна –
Пад колер шэрага металу,
Пад колер шэрых шынялёў,
Пад колер шэрых папялішчаў,
Пад колер пылу тых дарог,
Дзе ў гільзе вецер грозна свішча...

Ды вочы я закрыў на міг –
І мне прыпомніўся чырвоны,
Чырвоны колер слоў маіх
І ран салдацкіх незагойных,
Агонь чырвоны ў вокнах хат,
Сцягоў святы чырвоны колер,
Чырвоны водсвет кананад,
Што не забудуцца ніколі.

Якога ж колеру вайна?

Уладна ў памяці ўсплывае
Бінтоў шпітальных белізна,
Матулі галава сівая,
І страху пабялелы твар,
І белы колер маскхалата,
І снег,
што ўжо не раставаў
На вуснах паўшага салдата.

А я ж у памяці нясу
Яшчэ жахлівы колер чорны –
Заледзянелы, чорны сум
Удоў і сірат незлічоных...
І чорны дым парахавы,
Дзе чорны воран на магіле,
І чорны колер у травы,
Што агнямётамі палілі...

Якога колеру вайна?
Я б расказаў дачцэ нямала.
Ды на руках маіх яна
Ужо даўно спакойна спала.