Яшчэ рана, хлопцы, атрасаць
На паперу горкія ўспаміны...
Халадзее чорная раса
На нямецкіх мінах.
Слых ад кананады агрубеў,
Сонца задыхаецца ад дыму.
Калі возьмем гэты мы рубеж, —
Маткі нас абдымуць.
А калі надзеліць куляй лёс, —
Смерць сустрэнем чэсна, як мужчыны.
Вецер знойдзе нашы вочы паміж рос
I закрые шчыльна.
Змоўкне бой.
Нас знойдуць пад вярбой,
Асцярожна на руках падымуць,
Мёртвых данясуць да вёскі той,
Да якое не дайшлі мы.
Сабяруцца людзі, дрэвы, хаты,
Стануць у жалобе ля труны:
«Слава вам, адважныя салдаты
Самай страшнай і святой вайны!»