Здраднік

 

На вайне
Кожны міг
можна з куляй сустрэцца,
Нават ціхманым золкам,
Калі гулка крычаць драчы.
Паміраць не хацелася
Ні ў сорак першым,
ні ў сорак трэцім.
I салдаты пра смерць не думалі,
У бой ідучы.

Ён жа
думаў пра смерць,
Пра сваю,
калі раптам снарадам
Разарвецца зямля пад нагамі
I вочы агнём апячэ.
У салдата —
жыццё або смерць.
Ён абраў сабе
здраду.
Нібы рукі Радзімы,
Пагоны скінуў з плячэй.

Ён імчаў напрасткі,
Слізкай цемрай атулены.
Бег —
і боты тапталі
Магілы сяброў.
Ён упаў.
I не ведаў,
Свая ці варожая куля
Абарвала дарогу
Да цёмных бароў...

I сягоння
Стаяць абеліскі,
Наліваецца жыта,
Расцвітаюць бяссмертнікі
Там,
Дзе ўпалі салдаты
на шляхах перамог.
Крапівой і асотам
Зарастаюць магілы чужынцаў.
А дзе здраднік ляжыць —
Толькі пыл,
Толькі голы пясок,
Толькі мох...