Абеліскі

 

Васілю Быкаву

Жывём,
як светлай памяці зарок.
Дзе б ні было — у Гродна, а ці ў Мінску,
З нас кожны мае ціхі свой куток
I ў ціхім тым кутку — па абеліску.

Іх падымаць і ставіць ёсць каму...
Да помнікаў іду не са слязамі.
Калі вы маўчыцё,
то ўсё таму,
Што самае галоўнае сказалі!

Мой абеліск!
Няпраўда, што мяжа
Гадоў
нас раздзяляе вінавата.
Бо я прыходжу не за тым, каб жаль
Аддаць спаўна,
а як сястра да брата.

Я ведаю:
ёсць час скупы і горкі,
Ёсць міг,
калі у подзвігу сваім
Жывыя ўсё ж звяртаюцца да мёртвых
I мёртвыя адказваюць жывым!