Яны выцвілі ў дыме боек,
Каля зыркіх начных кастроў
I прынеслі ў залу з сабою
Родны пах беларускіх бароў.
Дзе між імі той самы родны,
З пахам хвой і купальскіх траў,
Той, які пад агнём кулямётным
Бацька мой цалаваў?
Можа, гэты, прабіты куляй?
Край яго парудзеў ад крыві.
Да яго працягнуў руку я,
Поўны шчасця, тугі і любві,
Каб узняць яго зноў, як бацька,
Не збаяцца нягоды любой...
Чую раптам: «Не дакранацца
Да музейнага сцяга рукой!»
Гэта вы, вартаўнік?
Прабачце.
Адшукаў запаветны сцяг.
Гэта, пэўна, яго мой бацька
Перад смерцю збярог на грудзях.
Гэта ён тут, паміж сцягамі,
Самы просты з музейных сцягоў.
Калі нельга рукой —
губамі
Мне дазвольце крануцца яго.