Нам адведзена шмат гадоў.
Мы на іх атрымалі права
Ад братоў, ад бацькоў
і дзядоў,
Што палеглі ў зямлю са славай.
Дзед...
Ён чэсна касіў і араў,
Надрываў свае грудзі і рукі
I маліўся, калі паміраў:
— Хай маё дажывуць унукі.
Бацьку зрэзаў фашысцкі свінец,
Ён упаў на зялёнае жыта
I не ўзняўся.
Прасіў толькі смерць
Нам аддаць яго век недажыты.
О, гады...
Толькі жыць нам і жыць
За сябе,
За дзеда,
За тату
I за брата,
Што ў Вене ляжыць,
Не сустрэўшы свой год дваццаты.
Жыць і жыць...
Ды гатовы заўжды
За Радзіму сваю
без прынукі
Мы пакласці жыццё...
А гады...
Хай за нас дажывуць унукі.