У бабулі Паланеі

 

Даль паднімуць, сон развеюць.
Разбірай, лугі, касцоў! —
У бабулі Паланеі
Пяць асілкаў-малайцоў.

I ў спякоту, і ў завею
Кліча вуліца хлапцоў —
У бабулі Паланеі
Пяць асілкаў-малайцоў.

Віктар, Косця, Пеця, Дзіма,
Самы меншанькі — Назар.
...На пажоўклы фотаздымак
Пакацілася сляза.

А чаму — пытаць не смею.
Для бабулі свет не міл —

У бабулі Паланеі
Пяць сыноў і пяць магіл.